| Статья написана 14 января 13:25 |
Арыентацыя на будучыню, фарміраванне перспектыў развіцця з’яўляецца важным складнікам жыцця як асобнага чалавека, так і краіны ў цэлым. Савецкі Саюз рэпрэзентаваў сябе ў якасці грамадства, якое знаходзіцца напачатку новага свету, новай эры чалавецтва. Камуністычная ідэалогія ўвесь час апелявала да навізны, перспектывы трансцэндэнтнай будучыні, што рабіла яе падобнай да рэлігійнага вучэння. Вера ў гэту будучыню значнай часткі народа нараджала масавы энтузіязм і дапамагала пераадольваць нястачу і пакуты, надавала сэнсавы падмурак паўсядзённаму існаванню. Новае вымярэнне будучыня набыла ў 1961 годзе, пасля ХХІІ з’езда КПСС, на якім была прынята ІІІ Праграма КПСС. Яна запэўнівала савецкіх людзей у тым, што на працягу дваццаці гадоў у СССР будзе ў асноўным пабудаваны камунізм. 
Напрыклад, паводле аптымістычных прагнозаў беларускіх эканамістаў, аб’ём вырабляемай у рэспубліцы прамысловай прадукцыі ў 1980 годзе быў павінен перавысіць узровень 1960 года ў 9,3 раза. Выраб электраэнергіі планавалася павялічыць за 20 гадоў у 20 разоў. Вытворчасць збожжа трэба было пабольшыць у 4 разы, бульбы – у 1,6, мяса – у 2,5, малочных вырабаў – у 3 разы. Планавалася таксама павялічыць вытворчасць працы ў прамысловасці ў 4–4,5 раза, у сельскай гаспадарцы – у 5–6 разоў. Іншыя прагнозы спецыялістаў Інстытута эканомікі АН БССР тычыліся зліцця вёсак і гарадоў у гарадскія агламерацыі з добраўладкаваным жытлом, медустановамі і школамі, стварэння сістэмы хуткаснага авіятранспарту і судоў на паветранай падушцы, а таксама росту даходаў на душу насельніцтва ў 3,5 раза. Адначасова з павелічэннем заробкаў і змяншэннем працягласці працоўнага дня, з цягам набліжэння да камуністычнай сацыяльна-эканамічнай фармацыі чакалася пашырэнне кола матэрыяльных і духоўных даброт, якімі насельніцтва магло б карыстацца бясплатна, з грамадскіх фондаў [1, с. 115–193]. М.С. Хрушчоў звязваў надыход камунізму з рэалізацыяй на базе дзяржавы дыктатуры пралетарыяту мадэлі агульнанароднай дзяржавы. Гэта, на яго думку, сведчыла аб пераадоленні сталінскай спадчыны і вяртанні да ленінскіх вытокаў. Пабудова камуністычнага грамадства ў СССР была павінна cуправаджацца пераходам кіравання ад партыйных і дзяржаўных органаў да грамадскіх арганізацый накшталт прафсаюзаў і камсамола, гэта значыць ад наменклатуры да грамадзян, усяго грамадства, народа. Савецкі кіраўнік планаваў значна ўзмацніць ролю саветаў народных дэпутатаў, іх кантроль за дзейнасцю дзяржаўных органаў, у тым ліку саюзнага ўрада. Ператварэнне Вярхоўнага Савета СССР з заканадаўчага органа ў вышэйшы орган кіравання краінай, пашырэнне паўнамоцтваў Вярхоўных Саветаў саюзных рэспублік, прафесіяналізацыя дзейнасці народных дэпутатаў – усе гэтыя ініцыятывы былі закладзены ў праекце «хрушчоўскай» Канстытуцыі 1964 года. Змагаючыся з бюракратызмам, М.С. Хрушчоў на траціну скараціў партыйны і дзяржаўны апарат, дамагаючыся дэцэнтралізацыі сістэмы кіравання, перадаваў паўнамоцтвы з міністэрстваў у саўнаргасы, падзяліў абкамы на прамысловыя і сельскагаспадарчыя. Прасоўванне да камунізму вымагала паступовую змену дзяржаўнага выканаўчага апарату грамадскім актывам, першапачаткова ў сферах аховы здароўя, правапарадку, сацыяльнага забеспячэння, культуры, спорту. У рамках курсу на народаўладдзе і самакіраванне ўводзілася практыка ўсенароднага абмеркавання законаў – аб працы, адукацыі, калгасах, пенсіях і г. д. Меркавалася, што на прадпрыемствах запрацуюць рабочыя саветы, якім будзе справаздачна адміністрацыя. З’явіліся добраахвотныя народныя дружыны, грамадскія памочнікі следчых, абвінаваўцаў і абаронцаў, а таксама таварыскія суды. Паспешныя заявы аб бязмежных перспэктывах, якія адкрываліся ў сувязі з камуністычным будаўніцтвам, рабіліся па ўсіх важных кірунках грамадскага жыцця. М.С. Хрушчоў лічыў, што ўсе аб’ектыўныя фактары для пераходу ў камуністычнае грамадства меліся, заставалася толькі мабілізаваць энергію працоўных для рэалізацыі пастаўленых партыяй мэт. Пасля ХХ з’езда пачалася рэалізацыя праграм павышэння заробкаў і жыллёвага будаўніцтва. Былі павялічаны памеры пенсій, а таксама вызначаны пенсіі для калгаснікаў. Скарачаліся індывідуальныя падаткі для нізкааплатных катэгорый працоўных. Урад адмяніў аплату навучання ў старэйшых класах сярэдняй школы і вышэйшых навучальных установах. Адначасова павялічылася дапамога шматдзетным сем’ям, а таксама з нагоды часовай непрацаздольнасці. Быў адменены закон 1940 года аб замацаванні рабочых да вытворчасці і суровых пакараннях за прагулы і спазненні. Спыніўся выпуск дзяржаўных пазык, абавязковых для набыцця працоўнымі. М.С. Хрушчоў дэклараваў, што развівацца і ўдасканальвацца чалавек можа толькі тады, калі яму давяраюць, падахвочваюць думаць над тым, дзеля чаго ён жыве і працуе. Падобны падыход да стварэння «чалавека будучыні», які базаваўся на веры ў яго найлепшыя якасці, у першай палове 1960-х гадоў зрабіўся дыскурсіўным у ідэалагічнай рабоце партыі. Пра яго важнасць сведчыў прыезд у Мінск у сакавіку 1960 года сакратара ЦК КПСС К.А. Фурцавай. Мэтай візіту «Кацярыны ІІІ» у беларускую сталіцу быў удзел у рэспубліканскім сходзе партактыву, прысвечаным фарміраванню новага чалавека – будаўніка камунізму. Цяпер рытуальнае пытанне ўступаючаму ў шэрагі партыі аб тым, як ён уласным жыццём і працай набліжае перамогу камунізму, набывала новы сэнс. Услед за партыйцамі пытанне «Што значыць вучыцца камунізму?» задавалі сабе камсамольцы. Як і на працягу ўсёй савецкай гісторыі, у другой палове 1950-х – першай палове 1960-х гадоў вобраз камуністычнай будучыні заставаўся калектыўным праектам, які знаходзіўся пад кантролем дзяржаўнай ідэалогіі. Разам з тым, лібералізацыя грамадска-палітычнага жыцця, якая адбывалася ў той час, дазволіла выпрацоўваць асобасныя, прыватныя адносіны да рэалізацыі Праграмы пабудовы камуністычнага грамадства. Гэты дакумент актывізаваў крэатыўнае ўяўленне савецкіх грамадзян, пераважна моладзі і інтэлігенцыі, якія шчыра дэманстравалі персанальную ўключанасць у камуністычны праект. Неўзабаве пасля заканчэння ХХІІ з’езда малады беларускі пісьменнік І. Хадановіч (забіты ў 1966 годзе вулічным хуліганам) прапанаваў наступную ўтапічную рэканструкцыю дня надыходу ўсеагульнага шчасця: « – Таварышы! – голас у рэпрадуктары надломваецца, афіцыяльнасць патанае ў прыліве пачуццяў. – Таварышы! Мы ўступаем у першы камуністычны год!.. Уздрыгваюць і пачынаюць біцца разам сэрцы. Радасць! Пульсуе ў грудзях. Мільёнамі сонцаў свецяцца вочы. Не чалавек – адна хуткая жылка! Узмоцненае мноствам рэпрадуктараў па планеце пракатваецца магутнае „ўра“. Касмічныя лабараторыі фіксуюць зваротны імпульс: голас Зямлі пачуты!.. На вуліцах замёр аўтамабільны рух. Людзі! Сотні, тысячы, мільёны – народы. Свет выйшаў на вуліцу… Нейкі расчулены дзівак схапіў у радасныя абдымкі і кружыць незнаёмца. Разгублена гучыць голас: – Не помню, хто вы мне… – Сябар, Таварыш, Брат! …Пераможным шэсцем – праз вякі, праз космас – крочыць па зямлі Камунізм. І ў светлых калонах яго – шэсць сясцёр: МІР, ПРАЦА, БРАЦТВА, РОЎНАСЦЬ, СВАБОДА і ШЧАСЦЕ» [2, с. 2]. Сімвалам камуністычнай будучыні з’яўляліся атамная энергетыка, кібернэтыка, вялікая хімія. І, вядома, засваенне чалавекам космасу: першыя касмічныя палёты прадэманстравалі перавагу навукі над рэлігіяй, яны дэсекулярызавалі неба, перш за ўсё ў вачах моладзі. Касмічная тэма зрабілася адной з галоўных у савецкай інфармацыйнай прасторы. Афіцыйныя паведамленні аб новых запусках, каментары вучоных, вершы, малюнкі змяшчаліся на першых палосах і вокладках беларускіх газет і часопісаў. Дзяржаўная прапаганда прадстаўляла савецкія перамогі ў космасе як важкі доказ перавагі сацыялізму над капіталізмам. Абсалютная большасць насельніцтва шчыра падзяляла гэту ідэалагему і ганарылася выдатнымі дасягненнямі сваёй краіны ў засваенні космасу. Малюнак у часопісе «Вожык» № 15 за 1961 год6 8 4 кастрычніка 1957 года Ул. Караткевіч напісаў верш «Спадарожніку Зямлі», дзе ласкава назваў яго «мой маленькі нябесны друг» [3, с. 99]. Падобным чынам, як жывую істоту, апісаў станцыю «Луна-2», якая 14 верасня 1959 года ўпершыню ў свеце дасягнула паверхні Месяца, паэт С. Грахоўскі: «Яна душою нашаю сагрэта, яна жывым праменіцца цяплом» [4, с. 1]. А. Вольскі выказаў надзею на тое, што яшчэ пачуе, «як ступіў на Месяц равеснік мой – Савецкі Чалавек» [5, вокл.]. Р. Барадулін адрэагаваў на здзейснены 12 красавіка 1961 года першы пілатуемы палёт у космас адпаведнымі дзёрзкімі радкамі: Сонца, пратры акуляры, Шлях караблю не замглі. Бачыш – ляціць Гагарын, Мужны паўпрэд Зямлі [6, с. 2]. 63-гадовы Ул. Дубоўка адкаментаваў запуск карабля «Усход-5» наступным чынам: «Упэўнены, што гэта не апошні палёт. Рушаць услед чарговыя, і нейкі з іх будзе з пасажырамі. Хацеў бы злётаць і я» [7, с. 2]. Пачынаючы з сярэдзіны 1950-х гадоў, касмічную тэму ў сваіх навукова-фантастычных творах пачалі распрацоўваць беларускія празаікі. Нібыта ў прадчуванні вялікіх дасягненняў СССР у космасе, у 1954 годзе М. Гамолка напісаў аповесць «За вялікую трасу», у якой навукова-фантастычны жанр спалучаўся з элементамі прыгодніцкага. Данінай часу быў эпізод у аповесці, дзе ў экіпажы савецкіх касманаўтаў выкрываўся амерыканскі шпіён [8, с. 183]. Тэму скарэння космасу пісьменнік працягнуў у рамане «Шосты акіян» (1959), а таксама п’есе «Бітва ў космасе» (1963). Літаратурную творчасць М. Гамолка сумяшчаў з напісаннем публіцыстычных артыкулаў, у якіх таксама прадэманстраваў здольнасць навуковага прадбачання. Натхніўшыся адкрыццём першай савецкай АЭС, ён прадказаў канструяванне касмічных ракет на ядзерным паліве. Акрамя таго, пісьменнік прадбачыў стварэнне міжнароднай касмічнай станцыі, назваўшы яе «Малая Луна»: «Яна ўяўляе злучэнне велізарных доўгіх цыліндраў і знаходзіцца на адлегласці тысяча кіламетраў ад Зямлі. Зазірнуўшы праз празрыстыя паўсферы, можна ўбачыць у іх пакоі, калідоры, дзе жывуць і працуюць савецкія навукоўцы і тэхнікі. У гэтай надземнай станцыі ёсць спецыяльны „прычал“ – ракетадром, на якім здзяйсняюць пасадку ракетныя караблі перад палётам на Месяц, Марс, Венеру» [9, с. 3]. Мару Ул. Дубоўкі і тысяч менш вядомых беларусаў паляцець у космас здзейсніў на старонках сваіх фантастычных апавяданняў У. Шыцік. Задоўга да рэальнага палёта ў космас першага беларуса ён накіраваў сваіх герояў – Клімянка на караблі «Антэй» у галактыку Альфа Ікс, Янку – на Марс, а Петруся Якубеню на планету Аркандру [10, с. 47–66, 189–209]. Покліч космасу, дзе чалавек нарэшце зробіцца разумным, свабодным, неўміручым адчуваецца ў кожным радку фантастычнай паэмы А. Зарыцкага «Вяртанне на Зямлю» [11, с. 3–15]. Касмічны энтузіязм, які перажывала беларускае грамадства ў другой палове 1950-х – 1960-я гады, праявіўся не толькі ў творах літаратараў, а і ў прагнозах вучоных. Сустрэчу з разумнымі істотамі лічыў магчымай ужо на Марсе член-карэспандэнт АН БССР В.Ф. Купрэвіч. У сувязі з меркаванымі далёкімі міжпланетнымі палётамі вядомы вучоны дапусціў магчымасць спынення старэння клетак у выніку энергетычнага абмену з навакольным асяроддзем. Такім чынам, арганізм чалавека меў усе перспектывы зрабіцца фактычна неўміручым [12, с. 3; 4]. Імклівае развіццё ракетнай тэхнікі справакавала навуковага супрацоўніка АН БССР Л.М. Тамільчыка на развагі пра фатонную ракету, якая дазволіць здзейсніць падарожжа да Альфа Цэнтаўры і назад «усяго за адзін год» [13, с. 4]. Другі навуковец С.С. Бобаў маляваў прагнастычныя карціны хуткай каланізацыі найбліжэйшых планет: «Першыя гарады будуць пабудаваны пад паверхняй Месяца, якая абароніць іх ад гарачыні і холаду, ад страты паветра і ўдараў метэарытаў. Але гарады, відаць, можна будзе размяшчаць і на самой паверхні Месяца. Пад велізарнай празрыстай чашай-купалам са спецыяльнай шматслойнай пластмасы размесцяцца навуковыя ўстановы, заводы, дамы, кінатэатры, сады і аранжарэі. Жыхары такога горада будуць не толькі вырабляць усё неабходнае для жыцця на Месяцы, але і забяспечваць палівам і харчамі караблі далёкіх касмічных рэйсаў» [14, с. 23]. 17 кастрычніка 1961 года ў дзень адкрыцця ХХІІ з’езда КПСС агенцтва друку «Навіны» звярнулася да грамадскасці 76 краін свету з прапановай напісаць, якім будзе свет праз дваццаць гадоў. У адказ у Маскву пайшла плыня лістоў, найбольш важныя з якіх, з пункту гледжання агенцтва, друкавалі цэнтральныя і рэспубліканскія газеты. У «Советской Белоруссии» яны з’яўляліся пад агульнай рубрыкай «Сонца камунізму ўзыдзе над зямлёй!». Аўтарам аднаго з падобных лістоў быў 27-гадовы кантралёр АТК Мінскага радыёзавода, студэнт-завочнік філасофскага факультэта БДУ імя Леніна Міхаіл Лібінтаў. Ён бачыў уласнае жыццё пры камунізме наступным чынам: «20 гадоў – параўнальна невялікі тэрмін, у мяне нават не пасівеў ні адзін з валасоў. Мне ўсяго 47 гадоў. Я ўжо абараніў кандыдацкую, а магчыма, нават доктарскую дысертацыю. Яна прысвечана філасофіі, праблемам камунізму. Даўно пахаваныя словы „агрэсія“, „СЕАТА“, „СЕНТА“, „НАТА“ …Цікава, мая дачка і яе аднагодкі нават не ведаюць гэтых слоў. Але мне яны вядомыя, хоць я і не хачу вяртацца да дрэнных успамінаў… Якраз сёння – яснае, сонечнае, „лётнае“ надвор’е, і мы з сям’ёй сядаем у касмічны карабель і адпраўляемся на некалькі гадзін да берагоў Ціхага акіяна – адпачыць, пазагараць… Адпачыўшы на ціхаакіянскім узбярэжжы, мы ляцім назад. Вячэраем дома, у Мінску. Жонка збірае мае рэчы ў невялікі чамаданчык – заўтра ў мяне сустрэча з маім англійскім калегам-філосафам, і я еду да яго ў Англію, у госці. Навокал – цудоўнае жыццё, і крыху шкада, што табе ўжо 47 гадоў… Але нічога, здароўе дужае, паветра чыстае, яго не атручвае радыеактыўны пыл. Сышлі ў паданні хваробы. Слова „рак“ стала архаізмам. Жыллёвая праблема ўжо даўно вырашана. Пасля запісу ў ЗАГСе маладым адразу даюць ордэр на кватэру… Па радыё мы чуем мірныя песні, займальныя нарысы і апавяданні. На мовах усяго свету. А вось і „Голас Амерыкі“ – не той, што 20 гадоў таму… Сёння гэта голас працоўнага амерыканскага народа» [15, с. 2]. Як бачым, вобраз камуністычнай будучыні ў эксперта па якасці радыё- і тэлепрыёмнікаў быў моцна знітаваны з балючымі праблемамі акаляючай яго рэальнасці. У лісце, як у люстэрку, адбіліся абмежаванні і неўладкаванасць жыцця людзей у СССР – немагчымасць вольна падарожнічаць па свеце і атрымліваць інфармацыю з-за мяжы, пагроза ядзернай катастрофы і нявырашанасць жыллёвай праблемы. Не забыўся аўтар паказаць уласны ўнёсак у пабудову царства ўсеагульнага багацця, а менавіта, яго тэарэтычнае абгрунтаванне. Неўзабаве камуністычны вобраз беларускай сталіцы намаляваў чытач часопіса «Беларусь» В. Метлін. Аўтар футурыстычнага нарыса, напісанага ў выглядзе экскурсіі па горадзе будучыні, здолеў прадбачыць многае з таго, што ўвасобілася ў рэальным жыцці праз некалькі дзесяцігоддзяў. У прыватнасці, ён запрасіў будучых гасцей Мінска праехаць на метро, аўтакарах (электрааўтобусах на акумулятарных батарэях), шматлікіх таксі не толькі па вуліцах, але таксама па мінскай кальцавой дарозе. Акрамя таго, В. Метлін прадбачыў з’яўленне ў горадзе Чыжоўскага вадасховішча, вялікай колькасці гатэляў, усеагульную тэлефанізацыю і іншае. Не спраўдзіліся спадзяванні аўтара ўбачыць у Мінску бясплатны грамадскі транспарт, як і яго новыя віды кшталту верталётаў і катараў на падводных крылах. Да нерэалізаваных фрагментаў ланшафта горада будучыні таксама адносіліся помнікі П.І. Чайкоўскаму ля Тэатра оперы і балета і С.В. Рахманінаву ля Кансерваторыі, а таксама бюсты Л.М. Талстога і М.А. Някрасава, якія сведчылі б пра дэклараванае М.С. Хрушчовым хуткае «збліжэнне нацый» [16, с. 5–6]. Павелічэнню колькасці падобных візіянераў, якія выступалі з уласнымі праектамі будучыні, спрыялі шматлікія грамадскія дыскусіі, падчас якіх абмяркоўваліся дэталі жыцця ў камуністычным грамадстве. Менавіта гэтай тэме было прысвечана першае пасяджэнне мінскага маладзёжнага дыскусійнага клуба, якое адбылося ў лістападзе 1962 года ў Палацы прафсаюзаў [17, с. 2–3]. Арганізатары вечарыны ў Пінскім гарадскім доме культуры, прысвечанай 40-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, прапанавалі яе ўдзельнікам перанесціся на 40 гадоў наперад, у 1997 год: «А 8-й гадзіне вечара шматлікі атрад падарожнікаў заняў месцы ў каюце імправізаванага карабля „Будучыня“. Аддадзены швартовы… Слухачы зрабіліся сведкамі ўтаймавання глыбінных стыхій, планет і пуска ўстаноўкі, якая выкарыстоўвае падземнае цяпло, назіралі запуск фатоннай ракеты, хуткасць якой набліжаецца да 300 тыс. кіламетраў у секунду. Ляцелі самалётам, рухавік якога бярэ паліва з атмасферы, назіралі атрыманне штучнага бялка і жывой клеткі, кіравалі тэрмаядзернымі рэакцыямі, высаджваліся на планеты сонечнай і іншых сістэм» [18, с. 1]. Газета «Знамя юности» тлумачыла на сваіх старонках чытачам, чым камунізм будзе адрознівацца ад першабытна-абшчыннага ладу [19, с. 4]. Рэзкая крытыка савецкага жыллёвага будаўніцтва ў знакамітай прамове М.С. Хрушчова на Усесаюзнай нарадзе будаўнікоў і архітэктараў у снежні 1954 года распачала рэформу ў савецкім горадабудаўніцтве. У межах выканання шостай пяцігодкі (1956–1960) у БССР трэба было пабудаваць больш за 5 млн квадратных метраў жыллёвай плошчы, гэта значыць, удвая больш, чым у пятай пяцігодцы. Новыя дамы, якія неўзабаве атрымалі пагардлівую назву «хрушчоўкі», былі максімальна простыя, танныя і функцыянальныя, будаваліся паводле тыповых праектаў і, часцей за ўсё, мелі пяць паверхаў. Пасля ўнясення ў праграму партыі 1961 года пункта пра задавальненне пры камунізме запатрабавання савецкіх людзей у добраўпарадкаваным жытле, асноўным напрамкам савецкай дзяржаўнай палітыкі ў сацыяльнай сферы стала рэалізацыя на практыцы прынцыпу «сям’і – кватэру». Меркавалася, што да 1980 года кожная сям’я ў СССР будзе пражываць на асобнай жылплошчы. Дзеля вырашэння гэтай няпростай задачы спатрэбілася не толькі выпрацоўка новай жыллёвай палітыкі, але і змена арыенціраў у горадабудаўніцтве і архітэктуры. У 1963 годзе Белдзяржпраект, Мінскпраект, а таксама Інстытут будаўніцтва і архітэктуры АН БССР распрацавалі сумесны праект мікрараёна будучыні, які складаўся з населеных 4–5 тыс. чалавек дзевяціпавярховікаў з уласным жыллёвабытавым комплексам. Да 40 % тэрыторыі мікрараёна займалі зялёныя насаджэнні. Па зашклёных пераходах, якія звязвалі дамы, можна было трапіць у грамадскую сталовую-кавярню, дзе за кожнай сям’ёй быў замацаваны столік. У мікрараёне таксама планаваліся клуб, спартзал, пральня, пункт пракату спортінвентару і памяшканні, дзе можна было пакінуць пад наглядам маленькіх дзетак. Адзінай крыніцай энергіі ў дамах была электрычнасць, якой харчаваліся асвятляльныя прыборы, убудаваныя ў сцены кухонныя агрэгаты, цэнтралізаваныя кандыцыянеры, вакуумныя і халадзільныя ўстаноўкі. На думку аўтараў праекта, жыццё ў падобных дамах будзе выхоўваць у людзей пачуццё калектывізму, пазбаўленыя ад цяжару бытавых спраў, яны змогуць больш часу аддаваць навукам, мастацтву, спорту і, канешне, грамадска-карыснай працы [20, с. 4]. Рэалізуючы апісаны Леніным у працы «Дзяржава і рэвалюцыя» сцэнар адмірання сацыялістычнай дзяржавы разам з яе сістэмай кантролю за размеркаваннем даброт, кіраўніцта Савецкай Беларусі распачало ўкараненне камуністычнага прынцыпу «ад кожнага па здольнасцях, кожнаму па патрэбах». Найбольш уражвала адмена дзяржаўнага кантролю за выдачай заробку, што пераканаўча сведчыла аб набліжэнні найвышэйшай фазы камуністычнага грамадства. Так, у дзень выдачы зарплаты ў кастрычніку 1960 года рабочыя аднаго з цэхаў Мінскага трактарнага завода замест касіра ўбачылі стол, на якім ляжала ведамасць, а побач з ёй – стосы грошай. Паводле слоў карэспандэнта газеты «Советская Белоруссия», адсутнасць касіра не ўнесла дэзарганізацыю ў працэс атрымання грошай – «рабочыя падыходзілі да стала, распісваліся ў ведамасці і бралі належную ім суму грошаў» [21, с. 4]. Неўзабаве ініцыятыва сталічных трактарабудаўнікоў была заўважана ў рэгіёнах. Вось, напрыклад, якую ідылічную карціну дня заробку ў механічных майстэрнях Слонімскай папяровай фабрыкі «Альберцін» намаляваў відавочца: «Сяргей Асташкін доўгі час атрымліваў зарплату для калектыву рамонтнікаў і раздаваў яе. Але вось нядаўна ён прыйшоў у цэх і паклаў грошы на стол. „Сёння, таварышы, будзеце атрымліваць зарплату самі“, – усміхаючыся абвясціў ён і пайшоў. Каса засталася без касіра. Рабочыя пераглянуліся і пачалі атрымліваць зарплату. Арганізавана, адзін за адным падыходзілі яны да стала, распісваліся ў ведамасці, а затым адлічвалі належныя ім грошы. Касіру заставалася толькі аднесці ведамасць у бухгалтэрыю» [22, с. 4]. «Жыць і працаваць па-камуністычнаму» вырашылі на сваім агульным сходзе члены калгаса «Рассвет» Кіраўскага раёна, якім кіраваў вядомы гаспадарчы дзеяч К.П. Арлоўскі. У якасці найважнейшых умоў пабудовы камуністычнага жыцця калгаснікі разумелі не толькі надыход матэрыяльнага дабрабыту (большасць з іх мела добрую мэблю, новую бытавую тэхніку, уласныя сродкі транспарату, у тым ліку 10 легкавікоў), але засваенне «новай камуністычнай маралі», пераадоленне антаганізму паміж паняццямі «свае» і «наша». Пра гэта сведчыла скасаванне ў 1960 годзе пасад вартаўнікоў у калгасе «Рассвет» [23, с. 2]. На Бабруйскім вінзаводзе барацьбіты з рынкавым спосабам размеркавання не абмежаваліся скасаваннем пасады касіра і з лютага 1962 года адкрылі буфеты без прадаўцоў непасрэдна ў цэхах. У абедзенны перапынак рабочыя бралі ў буфетах прадукты і клалі грошы за іх у скрыню з надпісам «Тут каса». Скрыня не замыкалася [24, с. 4]. Улетку 1962 года на жывёлагадоўчых фермах і ў паляводчых брыгадах Брэсцкай вобласці адкрылі каля 200 ларкоў без прадаўцоў. Тады ж у сетцы грамадскага харчавання вобласці больш за 100 сталовак было пераведзена на самаабслугоўванне [25, с. 4]. У лістападзе 1960 года адмену кантроля за аплатай праезду ў гарадскім транспарце заўважылі жыхары сталіцы. Гарадскі парк арганізаваў рух аўтобусаў без кандуктара. Пры ўваходзе ў салон кожны пасажыр апускаў у адну з кас 40 капеек і затым адрываў ад рулона па рамцы сабе білет. Пасля набыцця яго неабходна было паказаць пасажырам або кіроўцу [26, с. 4]. У наступным годзе падобная практыка распаўсюдзілася на мінскія тралейбусы і трамваі. Прыкметы новага жыцця з’яўляліся не толькі на вытворчасці і ў сферы паслуг, але і ва ўстановах культуры. У 1960 годзе былі зроблены спробы скасаваць кантроль у шэрагу кінатэатраў рэспублікі. Набыўшы квіткі, гледачы самі адрывалі яго кантрольную часку, пасля чаго апускалі яе ў адмысловую скрыню [27, с. 4]. У саўгасе «Ваўкавыскі» Ваўкавыскага раёна адкрылася «бібліятэка камуністычнага абслугоўвання», у якой «чэсна і культурна» распараджаўся сам чытач [28, с. 4]. Працаўнік нараўлянскага райвыканкама, бібліяфіл А.А. Дубоўскі адкрыў для ўсіх жадаючых уласную біблятэку, якая складалася з больш за 4 тыс. тамоў [29, с. 4]. А педагогі Баранавіцкай музычнай школы «на камуністычных пачатках» арганізавалі народную музычную школу з класамі фартэпіяна, скрыпкі і акардэона [30, с. 4]. Практыка індустрыяльнага домабудаўніцтва, якая не прадугледжвала добраўладкавання дваровых тэрыторый, нарадзіла на пачатку 1960-х гадоў рух жыхароў «хрушчовак» беларускіх гарадоў за ганаровае званне «дамоў камуністычнага быту». З’явіліся энтузіясты, пад кіраўніцтвам якіх навасёлы ў вольны ад працы час разбівалі клумбы, саджалі дрэвы і нават пракладалі асфальт да ўласных пад’ездаў. Адным з першых у беларускай сталіцы званне «дома камуністычнага быту» атрымаў дом № 128 на вуліцы Р. Люксембург [31, с. 4]. У Полацку ў 1962 годзе паўсталі «вулічныя камітэты», якія дапамагалі гарвыканкаму ў добраўладкаванні дваравых тэрыторый і тратуараў. У наступным годзе рабочыя прамысловых прадпрыемстваў і будоўляў Мінска на грамадскіх пачатках абсталявалі пляцоўку (кола агляду, атракцыёны, летні басейн) у дзіцячым парку імя Горкага [32, с. 4]. Адной з найбольш важных перадумоў пабудовы новага камуністычнага быту з’яўляўся пераход ад традыцыйных формаў гатавання ежы на індывідуальнай кухні да грамадскага харчавання. Перавод харчавання на прамысловы падмурак павінен быў забяспечыць будаўнікоў камуністычнага грамадства каларыйнай, таннай, тэхналагічнай ежай, а таксама канчаткова вызваліць жанчыну ад кухоннага рабства. Кіраўніцтва краіны паставіла перад сабою сапраўды маштабную задачу, бо ў сярэдзіне 1950-х гадоў паслугамі 3400 сталовак, кафэ, рэстаранаў і чайных, што меліся ў рэспубліцы, карысталася не болей за 10 % насельніцтва БССР [33, с. 1]. Большасці з іх былі ўласцівы вузкі асартымент, нізкая якасць страў, а таксама прымітыўная культура абслугоўвання. 1 сакавіка 1956 года з’явілася пастанова ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР «Аб мерапрыемствах па паляпшэнню працы прадпрыемстваў грамадскага харчавання». Яго непасрэдным вынікам было адкрыццё ў Мінску на працягу двух гадоў каля 150 сталовак, закусачных, буфетаў, кафэ, рэстаранаў, якія штодня наведвала больш як 150 тыс. чалавек [34, с. 3]. У сакавіку 1959 года ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР зацвердзілі пералік мерапрыемстваў па выкананні прынятай 20 лютага таго ж года пастановы ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР «Аб далейшым развіцці і паляпшэнні грамадскага харчавання». У адпаведнасці з гэтым дакументам на працягу сямігодкі (1959–1965) сетка грамадскага харчавання БССР павінна была павялічыцца на 2,5 тыс. прадпрыемстваў з агульнай колькасцю 113 тыс. пасадачных месцаў. Найвялікшая ўвага надавалася развіццю самаабслугоўвання ў выглядзе буфетаў без прадаўцоў, дамавых кухняў, крамаў паўфабрыкатаў, а таксама грамадскаму кантролю, у чым бачыліся парасткі камуністычнага прынцыпу спажывання. На працягу 1959 года колькасць сталовак самаабслугоўвання ў рэспубліцы павялічылася з 46 да 133 [35, арк. 182–183]. Яскравай тэхнічнай навінай разглядаемага часу зрабіліся аўтаматы па продажы прадуктаў і тавараў. Ва ўяўленні М.С. Хрушчова вендынг быў адным з тэхналагічных сімвалаў камунізму. Акрамя таго, ён вызваляў дадатковыя працоўныя рукі для вытворчасці, ліквідаваў у раздробненым гандлі хамства і крадзяжы. Сямігадовы план развіцця народнай гаспадаркі БССР прадугледжваў адкрыццё ў рэспубліцы 500 гандлёвых аўтаматаў, сем закусачных-аўтаматаў і дзевяць крамаў-аўтаматаў [36, с. 2]. Найбольш распаўсюджанымі з іх былі аўтаматы, што выдавалі газаваную ваду. Акрамя іх, дзейнічалі аўтаматы па продажы кавы, марозіва, піва, віна, цыгарэт, газет, музычныя аўтаматы, фотакабіны. Першая ў рэспубліцы закусачная «Аўтамат» адкрылася ў лістападзе 1957 года ў цокальным паверсе жылога дома на сталічнай Круглай плошчы. У двух залах закусачнай былі ўсталяваны аўтаматы па продажы кавы, малака, піва, халодных закусак, кандытарскіх вырабаў. Наведвальнікі самастойна выбіралі ежу і напоі, аплочваючы іх адмысловымі жэтонамі, якія набывалі ў касіраў [37, с. 4]. Пасля зняцця ў 1964 годзе М.С. Хрушчова з пасады першага сакратара ЦК КПСС пачалося паступовае згортванне публічнай рыторыкі пра пабудову камуністычнага грамадства ў агляднай будучыні. Выступаючы на ўрачыстым пасяджэнні ў Палацы з’ездаў з нагоды 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Л.І. Брэжнеў упершыню загаварыў пра развіты сацыялізм, які ўяўляў своеасаблівы кампраміс паміж партыйнай праграмай і рэчаіснасцю. Камунізм, на які замахнуліся ўсяго шэсць гадоў таму, пабудаваць у сціслыя тэрміны больш не абяцалі. «Развіты сацыялізм як прамежкавая стадыя перад надыходам камунізму будзе досыць працяглым», – папярэджвалі партыйныя ідэолагі. 1. Пашкевич, о.Н. Мы строим коммунизм / о.Н. Пашкевич, с.И. Лукашевич. – Минск: Изд-во АН Бсср, 1962. – 199 с. 2. Хадановіч, і. Камуністычная містэрыя. Новы год праз дваццаць год / і. Хадановіч // Чырвоная змена. – 1962. – 1 студз. 3. Караткевіч, У. спадарожніку Зямлі / У. Караткевіч // Полымя. – 1957. – № 12. 4. Бярозка. – 1959. – № 10. 5. Вольскі, А. Калумбы / А. Вольскі // Бярозка. – 1960. – №. 6. 6. Барадулін, р. Адказ няпрошаным сваякам касманаўта / р. Барадулін // Вожык. – 1961. – № 9. 7. Знамя юности. – 1963. – 16 июня. 8. Гомолко, Н. За великую трассу / Н. Гомолко. – Минск: Госучпедгиз Бсср, 1956. – 223 с. 9. Гомолко, Н. Заглянем в будущее / Н. Гомолко // сталинская молодежь. – 1955. – 1 янв. 10. Шыцік, Ул. Зорны камень / Ул. Шыцік. – Минск: Беларусь, 1967. – 208 с. 11. Зарыцкі, А. Вяртанне на Зямлю / А. Зарыцкі // Полымя. – 1964. – № 8. 12. тайны жизни и смерти // Знамя юности. – 1962. – 26 янв.; 28 янв. 13. томильчик, Л. Межпланетные корабли будущего / Л. томильчик // Знамя юности. – 1959. – 2 апр. 14. Бобаў, с. Чалавек на Месяцы / с. Бобаў // Бярозка. – 1960. – № 2. 15. Либинтов, М. Жить хорошо! / М. Либинтов // советская Белоруссия. – 1962. – 23 марта. 16. Метлін, В. Экскурсія ў будучыню / В. Метлін // Беларусь. – 1962. – № 10. 17. Клябанаў, Г. Клуб «Мінскі маладзёжны» / Г. Клябанаў, Б. Петрык // Чырвоная змена. – 1962. – 13 ліст. 18. сердюк, Л. Путешествие в будущее / Л. сердюк // Знамя юности. – 1958. – 1 янв. 19. Хромов, р. Будет ли государство при коммунизме / р. Хромов // Знамя юности. – 1957. – 21 мая. 20. сурский, о. Наш дом сегодня и завтра / о. сурский // Знамя юности. – 1963. – 15 сент. 21. Черты нового // советская Белоруссия. – 1960. – 6 окт. 22. Касса… без кассира // советская Белоруссия. – 1960. – 20 нояб. 23. язылец, Н. Приметы завтрашнего дня / Н. язылец, я. рывкин, М. Капельчик // советская Белоруссия. – 1960. – 1 нояб. 24. Капельчик, М. Буфеты без продавцов / М. Капельчик // советская Белоруссия. – 1962. – 4 июля. 25. Прогрессивные формы торговли // советская Белоруссия. – 1962. – 19 июля. 26. советская Белоруссия. – 1960. – 12 нояб. 27. Без контролеров // советская Белоруссия. – 1960. – 1 нояб. 28. На коммунистических началах // советская Белоруссия. – 1962. – 22 сент. 29. Личная библиотека для всех // советская Белоруссия. – 1962. – 24 янв. 30. Проволович, Г. Народная музыкальная школа / Г. Проволович // советская Белоруссия. – 1963. – 28 мая. 31. Крок, Э. За коммунистический быт / Э. Крок // советская Белоруссия. – 1963. – 11 янв. 32. Зовут зеленые просторы // советская Белоруссия. – 1963. – 9 июня. 33. республиканское совещание по общественному питанию // советская Белоруссия. – 1957. – 24 мая. 34. о сладких речах и кислых щах // советская Белоруссия. – 1958. – 26 марта. 35. Нацыянальны архіў рэспублікі Беларусь (НАрБ). – Ф. 4п. – Воп. 62. – спр. 504. 36. Шавров, А. Итоги и перспективы развития торговли республики / А. Шавров // советская Белоруссия. – 1958. – 21 окт. 37. Закусочная «Автомат» // советская Белоруссия. – 1957. – 3 нояб. *** Артыкул паступіў у рэдакцыю 31.03.2021 г. [ Г і с то р ы я ] Навукова думка (Мінск) № 12 • 2021 с. 65―72 ГУЖАЛОЎСКІ Аляксандр Аляксандравіч. Нарадзіўся ў Мінску ў 1960 годзе. Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага (1983), аспірантуру Аддзела музеязнаўства Навукова-даследчага інстытута культуры Акадэміі навук СССР (1991). Працаваў на розных пасадах у Беларускім дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны, у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. З 2004 года – прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Доктар гістарычных навук (2002), прафесар (2016). Аўтар больш за 250 навуковых прац, у тым ліку пяці манаграфій і чатырох навучальных дапаможнікаў. Сфера навуковых інтарэсаў: найноўшая гісторыя Беларусі, музеязнаўства.
|
| | |
| Статья написана 20 июня 2022 г. 18:15 |
Первое сообщение об этом появилось в 2019 г., но в связи с удалением сайта исчезло. https://news.tut.by/culture/621565.html?f... То, что осталось в черновиках, теперь здесь.
Андрей Александрович "Полёт в прошлое". 
У студзені 2019 г. даследчыкі фантастыкі Уладзімір Садоўскі і Вячаслаў Насцецкі знайшлі першае беларускае навукова-фантастычнае апавяданне. Раней лічылася, што гісторыя беларускай навуковай фантастыкі бярэ пачатак ад твора Янкі Маўра “Аповесць будучых дзён” (1932), але высветлілася, што яшчэ ў 1924 г. у часопісе “Маладняк” было апублікавана апавяданне “Палёт у мінулае” А. Александровіча. Аўтар, якому на момант публікацыі споўнілася ўсяго 18 гадоў, звярнуўся да тэмы падарожжаў у часе. У аповедзе Александровіча ёсць усе прыкметы навуковай фантастыкі: ён падрабязна апісвае фантастычную машыну часу, тлумачыць яе прынцып працы, абапіраючыся на адкрыцці свайго часу. "У рассказа Александровича есть все приметы научной фантастики: автор подробно описывает фантастическую машину времени, объясняет ее принцип работы — довольно наивный с точки зрения науки, но, тем не менее, опирающийся на открытия тех лет. Также герои рассказа во время своих путешествий пользуются другими фантастическими изобретениями: например, револьвером для связи, которым герои выстреливают в будущее сообщения для заводчан. Также описан специальный аппарат, с помощью которого герои наблюдают из машины за событиями прошлого. Аппарат позволяет видеть сквозь стены и даже читать мысли." https://www.nlb.by/content/informatsionny...
|
| | |
| Статья написана 14 мая 2022 г. 11:48 |
Ахвярую Тацьцяне Ермаковіч.
Яму жадалася сьвету, праўды, брацтва, дабра, і ягонае шчырае сэрца, ірвучыся на прастор, знаходзіла спачын там… У. Галубок «Апошняе спатканьне».
Ікар узьвіўся ў неба высока-высока. Дыхаць стала лёгка. Зрок ахапіў неабсяжныя прасторы. А багна, што яшчэ нядаўна цягнула яго долу, драбнела пад позіркам адсюль. Між тым Ікар імкнуўся ўзьняцца ў такія вышыні не па тое, каб адно кінуць усіх. Але што ж атрымалася? Усе, зь кім быў Ікар, засталіся там, унізе, не адгукнуліся на ягоны покліч. А ўверсе, куды ён імкнуўся,— хто яго там чакаў? Штучныя крылы ўжо аслабілі цягліцы, бо штучныя — не свае: не крылы цябе нясуць, а сам ты нясеш і сябе, і крылы. I таму Ікар слабне, адтуль жа, зьверху, аніхто — ясна — не падасць яму рукі. Там нікога няма. «Нікога? — дзівіўся Ікар з сваіх думак. — Але нікога — гэта не нічога. Бо ёсць там воля…» Шкада, што Ікару давялося выправіцца адному Вось цяпер ён яшчэ трымаецца на вышыні дзякуючы вольнаму пляніраваньню. Але пляніраваньне раўнаважнае спаду Да таго ж — яшчэ хвіліна, і ён усьвядоміць жахлівае пачуцьцё адзіноты. Адзінота — катэґорыя маральная, але страты ад яе адчуваюцца фізічна. Згадай… Толькі ня гэта! Не, я не прашу цябе вярнуцца думкамі ў багну. Згадай, хто бег з табою на ўзьлёце, Ікар? Ён больш ня спусьціцца да іх. Але ж яны б маглі падняцца, каб ён знайшоў для іх патрэбнае слова. У яго ж быў нехта дарагі, каго б ён хацеў бачыць побач. Ікар хацеў. Каго? Ён не задумваючыся адказаў бы: — Увесь сьвет. Увесь сьвет сярод гэткай чысьціні думак, прывольля й спакою. Але хіба ў мяне хопіць словаў на ўвесь сьвет, калі не хапіла й на найдаражэйшых? Самыя дарагія!.. Вы ўжо чулі ўсе словы, і ўсялякія тлумачэньні будуць залішнімі, калі не паразумеліся адразу. Таму нават кароткі ліст да кожнага з вас ён пакінуў у думках. Самай дарагой Ікару была маці: — Ты зноў скажаш, мама: «Кінь! Чаму не задаволісься тым, што здавальняе ўсіх — іх жа большасць». Я ведаю, ты не паляціш са мною. Вялікі палёт — гэта подзьвіг, а свой подзьвіг ты ўжо зьдзейсьніла: ты паверыла, што я магу быць шчасьлівым, і дала мне жыцьцё. А я ўбачыў шчасьце ў палёце і ўзьляцеў. Хай будзе ў гэтым сэнс для нас абаіх. I не прымушай мяне знайсьці шчасьце там, дзе знаходзіць болыпасць. Можа, яна ня ведае, што такое шчасьце. Была ў Ікара каханая, ад якое таксама ён чуў: «Кінь!» — Ты згадзілася ляцець разам са мною. Таксама прагнула прасторы. Але й ты ж казала: «Вызвалімся ад балясту — кінь ты сваю лятыну. Яна ўсё адно памрэ!» Так, тут, у багне, яна памрэ. Але ж дзеля чаго мы так ірвемся да сьвятла, да чысьціні, каб… на ўзьлёце выплюнуць апошнюю чысьціню сваёй душы. Мы стваралі й зьнішчалі тут, дык ці варта ляцець, каб рабіць тое самае там. Ува што ператворыцца прастора? Прабач, я паляцеў без балясту, але зь лятынай. Для цябе яна мёртвая, бо ты лічыш, што знайшла лепшы сродак зносін. А я б і на пальцах табе растлумачыў ШТО мусіць несьці жывым душам прастору мастацтва, святло філязофіі, чысьціню эстэтыкі… Ты слушна думала, што каханьне асьвятляе душы, але яно самое згасьне без таго, што ты адмовілася ўзяць. Быў і сябра ў Ікара, які аніколі не казаў: «Кінь!» Ты падтрымліваў мяне ва ўсім. Верыў у гэтыя крылы. Імкнуўся да сьвятла й чысьціні. Цябе ня трэба было пераконваць, што не будзе сьвятла й чысьціні без культуры, а таму найперш трэба берагчы носьбіт нашае культуры — нашую лятыну Ты быў побач са мной на ўзьлёце. Мы разам разьбегліся, і… ты кінуў мяне. Ты й надалей быў бы надзейнай падтрымкай у марах пра палёт, але ляцець ня змог. Была ў Ікара справа. Калеґі казалі пра ачышчэньне й пераварочвалі багну зь месца на месца. А ён рабіў усё, каб вырвацца з гэтае багны на прастору. Яго ўшчувалі: «Ты хочаш кінуць месца, адкуль выйшаў?» Не, казаў ён, я хочу кінуць у яго каліва дабра й справядлівасьці — яно прарасце, і багна ператворыцца ў крыніцу духовых сілаў для тых, хто будзе асвойваць прасторы. Калеґі ведалі, што яму абрыдла слова «Кінь!», і самі абвінавачвалі Ікара ў жаданьні кінуць. — Вы памыляліся толькі ў сваім нявер'і, што ня кожны пот сьведчыць пра плённасць працы, і ня кожнае «Кінь!» азначае страту. Была й Радзіма ў Ікара, якую ў яго кралі патроху ад кожнага пакаленьня разам з роднай мовай, бацькоўскімі песьнямі, сумленнымі сябрамі, асэнсаванай працай, шчырымі каханымі, незабыўнымі мацяркамі… Цяпер не было нават да каго зьвярнуцца з апошнім лістом. Кінь яго, а трапіш у багну. Тую, зь якое вырваўся. Вырваўся і застаўся адзін. Як добра было б, каб усе вы былі тут, побач. Каб адчулі, што сьвятло — гэта неабавязкова асляпленьне, што адкрытая пространь — не абавязкова пустота… Каб хоць нехта з вас быў побач, Ікару не прыйшла б да галавы думка, што ўзьляцеў ён зарана. Нават на скрайні выпадак ён падумаў бы, што проста лёс абраў яго пракласьці шлях. А так — Ікар адзін. Ён слабне. Аднак, калі ён вернецца, шлях будзе закрыты назаўсёды. Ікар пераадолеў псыхалёґію натоўпу і вырваўся з яе. Хто ведаў, што лёс прапануе яму прыняць псыхалёґію адзіноты — такую ж жахлівую. I жах перад ёй мацнее разам з нежаданьнем прыняць. Яму адному стала зашмат гэтага вольнага паветра, якога не было зь кім падзяліць. Адному — шмат. А ён — адзін. Тут анічога не паробіш. I ён вуснамі выцягнуў прызапашаную на такі выпадак папяроску з нагруднае кішэні. Яму было зашмат волі адному. Папяроска ўспыхнула ад сонечнага промня, і лёгкімі Ікар адчуў звыклую зямную прыгнечанасць. Не, Ікар ня быў прыхільнікам гэтае прыгнечанасьці. Гэта была першая ягоная папяроска. Першая й апошняя. Апошняя, бо там, дзе сканчаўся тытунь, пачынаўся капсюль. Ікар узьвіўся ў неба высока-высока і болей аніколі не вярнуўся ў багну. напісана 2 – 4 траўня 1988 году. Адна з апошніх публікацыяў адбылася ў студэнцкім часопісе «Асьпірынавы матузок» №5, Менск, студзень, 2007. Тут гэты тэкст друкуецца паводле першае публікацыі (ґазэта «Чырвоная зьмена» №244-245, Мн., 22 сьнежня 1990 году).
|
| | |
| Статья написана 14 мая 2022 г. 11:44 |
Мінулаю суботай у рэдакцыю нашае ґазэты недзе паабедзе затэлефанаваў невядомы ды паведаміў, што ён з Валожына, што ў іх намячаўся экалягічны мітынґ, але ўлады забаранілі яго правядзеньне, а папярэдзіць праз раённую ґазэту таксама не далі. Выглядала, што штучна ствараюцца ўмовы несанкцыянаванае, незаконнае сходкі.
— Дык прыяжджайце сёньня да сямі вечара, — даносілася з тэлефоннае слухаўкі. Хацелася яшчэ даведацца пра дакладную адрэсу мітынґу, але ў слухаўцы раптам пачуліся гудкі. I нікому ж не ператэлефануеш. Што рабіць? Я пазваніў знаёмаму фотакору Алесю Гімалайскаму, каб параіцца. Ледзь пачуўшы пра несанкцыянаваны мітынґ, ён захапіўся: — Едзьма! — Чакай ты, — кажу. — А раптам гэта «качка». Памятаеш жа, як нехта паклікаў нас на сэанс аздараўленчага гіпнозу: мы, як дурні, праз увесь вечар ламаліся ў чужыя кватэры, шукаючы гіпнатызэра, пакуль нас не здалі ў міліцыю. — Падумаеш, разок памыліліся, — запярэчыў Алесь. — Але журналіст мусіць быць усюды, каб убачыць хоць нешта. А тут самое плыве. Арґумэнты падзейнічалі. I ці ж ведалі мы, што да нас плыве?! — А машына ў цябе на хадзе? — папытаўся я. — Ол-райт, — адказаў ён. — Толькі што з рамонту. Карацей кажучы, пад канец працоўнага дня ягоны «масквічок» ужо сыгналіў ля пад'езда рэдакцыі. Алесь прысьпешваў мяне: маўляў, што ты корпаесься, гадзіны паўтары толькі засталося, а трэба ж адмахаць з сотню кілямэтраў, ды пашукаць там давядзецца, пэўна… ды яшчэ акумулятар у фотабліскавіцы падсілкаваць. — Дык як гэта ты зьбіраўся, — кажу. — Ня мог загадзя падсілкаваць? — Не хвалюйся. Гэта раз плюнуць: у кожнае кавярні знойдзем разэтку ды ціхмяна пазычым троху электрасілы. Чытач, мабыць, палічыць за лішняе ўсе гэтыя падрабязнасьці, але, далібог, мне ўжо цяжка асэнсаваць сёньня, што тут галоўнае, што дробязнае. Хто б мог падумаць, што, выпраўляючыся, здаецца, у звычайную камандыроўку, мы патрапім у такое, ад чаго й цяпер валасы стаюць дыба. Алесь — клясовы кіроўца. Яшчэ перад журфакам працаваў выпрабавальнікам на Менскім аўтазаводзе, і за плячыма была не адна тысяча зухаватых кілямэтраў. Дый увогуле — машына ў ягоных рукох як цацка. Гэты самы «масквічок» купіў дабіты й сьпісаны ў лазенна-пральным аб'яднаньні за некалькі соцень і сваймі рукамі давёў яго да такога шыку і порсткасьці, што я зусім ня зьдзівіўся, калі на збочу дарогі яшчэ дзесьці а палове на сёмую ўбачыў паказальнік: «Валожын, 7 км». Мы несьліся кілямэтраў 80-100 на гадзіну, а ў навакольлі паволі набрынялі прыцемкі. — Не гані ўжо так, — казаў я, — а то пасьпеем, ды не туды. — Нармалёва, Ягайла, не хвалюйся, — аджартаваўся ён, зьвяртаючыся да мяне па мянушцы, якую сам і прыдумаў Я нешта яшчэ гаварыў у адказ, захапляючыся, як лёгка ён вядзе машыну, і раптам заўважыў як нечакана ашклянеў сябраў позірк, увесь ён нахіліўся наперад, да стырна, і, не адказваючы на нейкае маё пытаньне, зрабіў якісьці дзіўны сіпаты ды глыбокі ўдых. — Што з табою, Алесь? Можа, кепска? Спыні машыну, пастаімо, — занепакоіўся я. Ён маўчаў ды раптам дадаў ґазу, тым часам як рукі ягоныя зваліліся з стырна. Яшчэ не ўсьведамляючы, што ён страціў прытомнасьць (і тым больш ня ведаючы, ад чаго), я ўхапіўся за стырно, бо нас пачало зносіць на сустрэчную паласу, дзякуй Богу, пустую. Хацеў дацягнуцца да пэдалі тормазу ці хоць скінуць ягоную нагу з «ґазу», але замінаў рэмень бясьпекі. Алесеву нагу з пэдалі я ўсё ж неяк даў рады скінуць ды яшчэ корпаўся з стырном у зусім нязручнай паставе. Але раптам нас моцна страсянула, крутанула бокам, і машына замерла пасярод шашы. «Няўжо мы з кімсьці сутыкнуліся? — жахнуўся я. — А можа, зьбілі каго? I я ж, лічы, за стырном быў…» У вакне аніякае сустрэчнае машыны не было відаць, толькі сьпераду, над пагнутым капотам, тырчэла нешта белае, зусім не падобнае да чалавека. «А можа, проста якуюсьці засьцерагальную агароджу зьбілі? Дай Бог!» — круціліся ў галаве думкі. Я крыху супакоіўся, але з машыны выходзіць было страшнавата. Ды ня цемры ці незнаёмых мясьцінаў баяўся, а таго, што мог убачыць там, звонку. Таго, што мы ўтварылі. Вырашыў раскатурхаць Алеся. Адшпіліў ягоны й свой рэмні бясьпекі ды паспрабаваў патрэсьці яго — безвынікова. Папляскаў далоньню па шчацэ — тое самае. Каб хоця нашатырныя кроплі былі… Раптам згадаў пра продзамову, якую прасіла купіць маці (акурат сёньня давалі ў рэдакцыйным буфэце). Туды разам з каваю ды пачкам масла ўваходзіў, як зазвычай, леташні таматны сок, які ўжо расслаіўся на некалькі паверхаў. Я адкаркаваў бутэльку і паднёс Алесю да носа. Ён празь імгненьне заварушыўся, нешта замармытаў а потым ужо больш выразна вымавіў: — Фу, што за паскудства ты мне тут сунеш? — Ну, дзякуй Богу, жывы. А гэта — таматны сок з замовы сёньняшняй. — Выкінь, а то я зноў дуба дам. Ну і дрэнь ты замаўляеш у сваім блятным буфэце. — Ты хоць не выдурняйся, сам ведаеш, што замовы не замаўляюць, а прэдастаўляют. Добра, хоць такую, атож дзе б я нашатыру для цябе тут ўзяў… Аднак, Алесь перапыніў мяне: — Стой… А што гэта з намі здарылася?.. Чакай, чакай, прыгадваю… Дзе гэтая малпа? Я зьдзівіўся: — Якая малпа? — Ды нейкая вялізная, шэра-белая. Бр-р-р! Жах! — схамянуўся ён, але тут жа заўважыў праз лабавую шыбу згарбачаны капот свайго «Масквіча». — Няўжо зьбілі? Вылазь! Я ўсё ніяк ня мог скеміць, каго мы зьбілі, адкуль у валожынскім лесе малпы, але сьледам за Алесем пачаў выбірацца з машыны. Апынуўшыся на волі ды агледзеўшы месца здарэньня, я ледзь ня даў гэтаксама дуба, як Алесь за стырном: упоперак дарогі, на ўсю ейную шырыню, ляжала цела нейкае малпападобнае істоты, памеры якое проста наводзілі сутаргі на сківіцы, даводзячы да нематы. Я ніколі ня бачыў гэткіх малпаў. Выходзіць, тое, што я прыняў за агароджу, тырчэлую над капотам, было толькі ступаком гэтае істоты. Алесь пайшоў у той бок, дзе мусіла б ляжаць галава істоты. Я подбегам пасьпеў дагнаць яго яшчэ на палове шляху. Разам мы падыйшлі да галавы. Твар істоты, у нашых уяўленьнях, да брыдкасьці агідны сам па сабе, быў аплюгаўлены жахлівым вышчурам вялікіх жоўтых зубоў. А велічыня гэтых зубоў — ого-го! Стала б на добры сталовы сэрвіз з натуралёвае косткі для трыццаці дзьвюх пэрсонаў. Вочы былі заплюшчаныя. — Слухай, — раптам вымавіў Алесь, — ты чытаў «Комсомольскую правду» за 9 кастрычніка? — Не выпісваю, бо па-расейску ня надта добра разумею, — адказаў я. — А што? — Ды там… Карацей кажучы… Сьнежнага чалавека недзе на Саратаўшчыне спаймалі. I фота — акурат гэтага. — Але ж спаймалі. — Спаймалі, ды ўцёк. Прычым ня «качка»: нейкі навуковец пісаў, крыптазаоляґ. Мне ніяк ня верылася ні ў якага Сьнежнага чалавека, але ж тое, што было перад намі, — нейкі неверагодны факт. I я казаў Алесю: — Бяжы па фотаапарат… Ён ірвануўся быў да машыны ды раптам разьвёў рукамі: — Але ж акумулятар? — Эх, хаўтуршчык. Казаў табе. Хто нам цяпер паверыць? Трэба хоць пазваніць куды. — У Акадэмію навук… — Каго ты там засьпееш такою парою? — Я паспрабую, — сказаў Алесь і пабег да тэлефона. Відаць, у яго анічога так і не атрымалася, бо на маё пытаньне «Як там?» ён кінуў безнадзейнае: — Ат, нікога. Я нават у міліцыю па 02 тэлефанаваў — нікога. — Во даўмеўся — у міліцыю. Закласьціся хацеў? Добра, што няма нікога. Яны ж усе, відаць, на тым несанкцыянаваным мітынґу, нефармалаў ганяюць. Звані ў «Хуткую дапамогу», 03. Гэтыя заўсёды на месцы сядзяць. Пакуль мы чакалі, калі хто пад'едзе, з жахам паглядаючы на Еты, я ўсё ж намовіў Алеся паспрабаваць зрабіць хоць які здымак. Ён адказаў: — Цямрэча ўжо. Але, можа, хоць на раз хопіць тае бліскавіцы без акумулятара. Ляпну — губляць жа няма чаго. У імгненьне маланкавага сьвятла, якое вырвала зь цемры гэтую карціну, я ўбачыў, што сухое палатно шашы пакрываецца вакол гуманоіда дробненькімі ручаінкамі. — Ён падтае́, — з жахам вымавіў я. — Ні «хуткая дапамога» не пасьпее, ні людзі больш ня ўбачаць Еты. — Але фатаґрафаваць ужо няма як. Ёк. Я хацеў вылаяцца на Алеся, але тут пачуў з боку галавы гуманоіда нейкі хрып. Падбег бліжэй, запытаўся: — Вам кепска? Вы мяне разумееце? Як ні дзіўна, пачуў адказ на чыстай беларускай мове: — Нарэшце хоць спакой будзе, — ягоны нейкі вантробны голас-рык прабіраў да глыбіні душы. — Заганялі: то ў тайзе ловяць, то на Саратаўшчыне, то ў Гімалаях… — Што? — запытаўся Алесь Гімалайскі. — Ён нешта пра мяне казаў? Гэта ж ня я зьбіў яго. — Ды ціха ты, — спыніў я калеґу.— Дай паслухаць: можа, гэта апошнія ягоныя словы, — і з увагаю павярнуўся да Еты. — Мы можам вам чымсьці дапамагчы? — Журналісты? — прахрыпеў ён. — Так. — Пісалі ў «Камсамолку»? Мяне зьдзівіла ягоная зацікаўленасьць, ягоная ар'ентацыя ў надзённых падзеях, чаго цяжка было чакаць ад малпы (якою я мімаволі й лічыў яго да таго часу), але адказаў: — Так, даводзілася, але… Хацеў адказаць, што пішаш адно, а чытаеш потым другое, ды не пасьпеў дагаварыць, атрымаўшы магутную ледзяную аплявуху мокраю ад падтаваньня рукою па левай шчацэ. Ледзь утрымаўся на кукішках і выгукнуў: — За што? — За журналістыку вашую: калі краіна ймкнецца да праўды, вы ўсялякіх гуманоідаў ды іншаплянэтнікаў шукаеце. Абы наклад вырваць, хоць брахнёю… — А ты хто, казёл? — не ўтрымаўся я. Але ён ужо зноў ляжаў нерухома, пускаючы ўсё большыя ручаіны ад разьмяклага пад плюсавой тэмпэратураю цела. Відаць, ягонае сэрца, калі яно было, разганяла па целе ня кроў, а нейкую халадзільную вадкасьць. Зьбіўшы Еты, мы не маглі ведаць, як спыніць ягонае раставаньне. Пакуль пад'ехала «Хуткая дапамога», ног і рук ужо амаль не было — тонкімі ручаінамі яны сьцяклі ў канаву. Больш-менш захаваліся толькі тулава ды галава. — Што ў вас тут? — запытаўся доктар, які выйшаў зь бел-чырвона-белага «РАФіка». — Ды вось — Сьнежны чалавек. Мы яго зьбілі, — адказаў Алесь. — Што? — зьдзівіўся доктар. А потым ухмыльнуўся й дадаў: — Та-ак. Самі, кажаце, зьляпілі? — Ды што вы зьдзекуецеся! — умяшаўся я. — Ён толькі што размаўляў. Ухмыляючыся, доктар падыйшоў да падталае галавы, нахіліўся ды тыцнуў пальцам у вока. Абдало моцным холадам, і ён няўцямна глядзеў на абмарожаны пасярод восені палец. — Сапраўды сьнежны. Але хіба ўжо быў сьнег? Мне не давялося адказаць, бо жоўтыя зубы заскрыгаталі, і да нас выразна дайшлі гукі вантробнага голасу: — Вы што, звар'яцелі? Балюча ж. Доктар, называецца. Ляпі цяпер новае вока. Доктар захістаўся ў непрытомнасьці ды, валячыся, зьбіў мяне, а я ўжо ўпаў на гэтую груду ледзяшоў, і мяне званітавала. Відаць, страціў прытомнасьць, бо нічога болей ня памятаю. Ачомаўся ў шпіталі, адкуль і вяду гэты рэпартаж. Алесь казаў, што адзін здымак атрымаўся няблага, але ён у рэдакцыі, і я ўбачу яго толькі ў ґазэце, надрукаваным разам з маім рэпартажам… Бр-р! Вітаўт Мартыненка Адкрыты шлях Ахвярую Тацьцяне Ермаковіч Яму жадалася сьвету, праўды, брацтва, дабра, і ягонае шчырае сэрца, ірвучыся на прастор, знаходзіла спачын там… У. Галубок «Апошняе спатканьне». Ікар узьвіўся ў неба высока-высока. Дыхаць стала лёгка. Зрок ахапіў неабсяжныя прасторы. А багна, што яшчэ нядаўна цягнула яго долу, драбнела пад позіркам адсюль. Між тым Ікар імкнуўся ўзьняцца ў такія вышыні не па тое, каб адно кінуць усіх. Але што ж атрымалася? Усе, зь кім быў Ікар, засталіся там, унізе, не адгукнуліся на ягоны покліч. А ўверсе, куды ён імкнуўся,— хто яго там чакаў? Штучныя крылы ўжо аслабілі цягліцы, бо штучныя — не свае: не крылы цябе нясуць, а сам ты нясеш і сябе, і крылы. I таму Ікар слабне, адтуль жа, зьверху, аніхто — ясна — не падасць яму рукі. Там нікога няма. «Нікога? — дзівіўся Ікар з сваіх думак. — Але нікога — гэта не нічога. Бо ёсць там воля…» Шкада, што Ікару давялося выправіцца адному Вось цяпер ён яшчэ трымаецца на вышыні дзякуючы вольнаму пляніраваньню. Але пляніраваньне раўнаважнае спаду Да таго ж — яшчэ хвіліна, і ён усьвядоміць жахлівае пачуцьцё адзіноты. Адзінота — катэґорыя маральная, але страты ад яе адчуваюцца фізічна. Згадай… Толькі ня гэта! Не, я не прашу цябе вярнуцца думкамі ў багну. Згадай, хто бег з табою на ўзьлёце, Ікар? Ён больш ня спусьціцца да іх. Але ж яны б маглі падняцца, каб ён знайшоў для іх патрэбнае слова. У яго ж быў нехта дарагі, каго б ён хацеў бачыць побач. Ікар хацеў. Каго? Ён не задумваючыся адказаў бы: — Увесь сьвет. Увесь сьвет сярод гэткай чысьціні думак, прывольля й спакою. Але хіба ў мяне хопіць словаў на ўвесь сьвет, калі не хапіла й на найдаражэйшых? Самыя дарагія!.. Вы ўжо чулі ўсе словы, і ўсялякія тлумачэньні будуць залішнімі, калі не паразумеліся адразу. Таму нават кароткі ліст да кожнага з вас ён пакінуў у думках. Самай дарагой Ікару была маці: — Ты зноў скажаш, мама: «Кінь! Чаму не задаволісься тым, што здавальняе ўсіх — іх жа большасць». Я ведаю, ты не паляціш са мною. Вялікі палёт — гэта подзьвіг, а свой подзьвіг ты ўжо зьдзейсьніла: ты паверыла, што я магу быць шчасьлівым, і дала мне жыцьцё. А я ўбачыў шчасьце ў палёце і ўзьляцеў. Хай будзе ў гэтым сэнс для нас абаіх. I не прымушай мяне знайсьці шчасьце там, дзе знаходзіць болыпасць. Можа, яна ня ведае, што такое шчасьце. Была ў Ікара каханая, ад якое таксама ён чуў: «Кінь!» — Ты згадзілася ляцець разам са мною. Таксама прагнула прасторы. Але й ты ж казала: «Вызвалімся ад балясту — кінь ты сваю лятыну. Яна ўсё адно памрэ!» Так, тут, у багне, яна памрэ. Але ж дзеля чаго мы так ірвемся да сьвятла, да чысьціні, каб… на ўзьлёце выплюнуць апошнюю чысьціню сваёй душы. Мы стваралі й зьнішчалі тут, дык ці варта ляцець, каб рабіць тое самае там. Ува што ператворыцца прастора? Прабач, я паляцеў без балясту, але зь лятынай. Для цябе яна мёртвая, бо ты лічыш, што знайшла лепшы сродак зносін. А я б і на пальцах табе растлумачыў ШТО мусіць несьці жывым душам прастору мастацтва, святло філязофіі, чысьціню эстэтыкі… Ты слушна думала, што каханьне асьвятляе душы, але яно самое згасьне без таго, што ты адмовілася ўзяць. Быў і сябра ў Ікара, які аніколі не казаў: «Кінь!» Ты падтрымліваў мяне ва ўсім. Верыў у гэтыя крылы. Імкнуўся да сьвятла й чысьціні. Цябе ня трэба было пераконваць, што не будзе сьвятла й чысьціні без культуры, а таму найперш трэба берагчы носьбіт нашае культуры — нашую лятыну Ты быў побач са мной на ўзьлёце. Мы разам разьбегліся, і… ты кінуў мяне. Ты й надалей быў бы надзейнай падтрымкай у марах пра палёт, але ляцець ня змог. Была ў Ікара справа. Калеґі казалі пра ачышчэньне й пераварочвалі багну зь месца на месца. А ён рабіў усё, каб вырвацца з гэтае багны на прастору. Яго ўшчувалі: «Ты хочаш кінуць месца, адкуль выйшаў?» Не, казаў ён, я хочу кінуць у яго каліва дабра й справядлівасьці — яно прарасце, і багна ператворыцца ў крыніцу духовых сілаў для тых, хто будзе асвойваць прасторы. Калеґі ведалі, што яму абрыдла слова «Кінь!», і самі абвінавачвалі Ікара ў жаданьні кінуць. — Вы памыляліся толькі ў сваім нявер'і, што ня кожны пот сьведчыць пра плённасць працы, і ня кожнае «Кінь!» азначае страту. Была й Радзіма ў Ікара, якую ў яго кралі патроху ад кожнага пакаленьня разам з роднай мовай, бацькоўскімі песьнямі, сумленнымі сябрамі, асэнсаванай працай, шчырымі каханымі, незабыўнымі мацяркамі… Цяпер не было нават да каго зьвярнуцца з апошнім лістом. Кінь яго, а трапіш у багну. Тую, зь якое вырваўся. Вырваўся і застаўся адзін. Як добра было б, каб усе вы былі тут, побач. Каб адчулі, што сьвятло — гэта неабавязкова асляпленьне, што адкрытая пространь — не абавязкова пустота… Каб хоць нехта з вас быў побач, Ікару не прыйшла б да галавы думка, што ўзьляцеў ён зарана. Нават на скрайні выпадак ён падумаў бы, што проста лёс абраў яго пракласьці шлях. А так — Ікар адзін. Ён слабне. Аднак, калі ён вернецца, шлях будзе закрыты назаўсёды. Ікар пераадолеў псыхалёґію натоўпу і вырваўся з яе. Хто ведаў, што лёс прапануе яму прыняць псыхалёґію адзіноты — такую ж жахлівую. I жах перад ёй мацнее разам з нежаданьнем прыняць. Яму адному стала зашмат гэтага вольнага паветра, якога не было зь кім падзяліць. Адному — шмат. А ён — адзін. Тут анічога не паробіш. I ён вуснамі выцягнуў прызапашаную на такі выпадак папяроску з нагруднае кішэні. Яму было зашмат волі адному. Папяроска ўспыхнула ад сонечнага промня, і лёгкімі Ікар адчуў звыклую зямную прыгнечанасць. Не, Ікар ня быў прыхільнікам гэтае прыгнечанасьці. Гэта была першая ягоная папяроска. Першая й апошняя. Апошняя, бо там, дзе сканчаўся тытунь, пачынаўся капсюль. Ікар узьвіўся ў неба высока-высока і болей аніколі не вярнуўся ў багну. гэта фантастычна-публіцыстычная пародыя на папулярныя ў савецкім друку сэнсацыйныя рэпартажы друкавалася ў «Чырвонай зьмене» №207, Мн., 25 кастрычніка 1989 году (25.10.89), для якое напярэдадні й пісалася. Тэкст утрымлівае сапраўдныя фраґмэнты спарадыраваных публікацывяў маскоўскіх ґазэтаў «Труд» і «Комсомольская правда» за той час.
|
| | |
| Статья написана 14 мая 2022 г. 11:40 |
Журналістскае апавяданьне
Гадзіньнік нагадваў аб пачатку пятай вечара. Менавіта таму журналіст Падбярэзскі, закінуўшы за плячо вядомую ўсім у гэтым горадзе жоўтага колеру сумку, пабег да аўтобуснага прыпынку. Каса зачынялася праз якія пяцьдзесят хвілінаў, але ганарар ён мусіў атрымаць менавіта сёньня. Ён даў слова вярнуць пазычаныя грошы якраз у дзень выплаты, а зманіць даўнім сябрам было звыш ягоных правілаў.
Аўтобус — зрэшты, адзіны, які хадзіў наўпрост да Дому прэсы зь ягоным запаветным акенцам касы — здавалася, чакаў толькі яго аднаго. Журналіст ускочыў на прыступку, ухапіўся за парэнчу і, аддыхваючыся (гады ўсё ж згадвалі пра сябе), задумаўся: "Значыць, так... Хачыку трэба аддаць, Майсееву... гэты можа пачакаць, Гаўрону... абавязкова! Ну, і праставіцца. Усё ж — выратавалі хлопцы, дзякуй ім". Аўтобус крануўся, але абвестка пра наступны прыпынак не прагучала. Журналіст не зьвярнуў на гэта ўвагу і кінуў позірк на гадзіньнік: здаецца, усё ў парадку, ён ня спозьніцца. І толькі тады павярнуўся тварам да салёну, шукаючы кампосьцер. Тое, што ён убачыў, прымусіла Падбярэзскага, па меншай меры, задумацца. Найперш зьвярнула на сябе ўвагу тое, што, апрача яго ды нейкага бамжоўскага выгляду мужыка, у салёне аўтобусу нікога больш не было. Па-другое, замест звыклых падрапаных, парэзаных крэслаў у салёне скрозь знаходзіліся труны. Розных памераў, рознай аздобы і выгляду, але — труны! Тым ня менш рука журналіста аўтаматычна пацягнулася з талёнчыкам да кампосьцеру. Але ў гэты самы момант ягоны рух перапыніў мужчынскі голас: — Кінь тое! Дарога аплачана ўжо. Журналіст не зразумеў: — Гэта які маршрут? — Твой, твой, — адказаў мужчына і павярнуўся да журналіста. Выглядаў ён сапраўды на самага звычайнага бамжа: зашмальцаванае паліто на ўсе сэзоны, зношаныя не адным пакаленьнем джынсы, такія ж самыя красоўкі. Адно, што не пасавала ягонаму выгляду, — гэта тоўстая амбарная кніга, занадта чыстая што да ягонай зьнешнасьці. — Я на цябе спэцыяльна чакаў, — патлумачыў мужчына. — Што значыць — спэцыяльна? — не зразумеў журналіст, — Я, здаецца, зусім не таксі замаўляў. — Нашае таксі прыходзіць без замовы, — адказаў мужчына. — Ведаеш, у жыцьці кожнага чалавека надыходзіць час, калі ён ня мусіць сам замаўляць, куды ехаць. Проста яму звыш кажуць: час зьбірацца ў дарогу. Настаў час кінуць усё да рэшты і выпраўляцца. — Мне здаецца, што я ня ў той аўтобус ускочыў, — прамармытаў журналіст. — А іншыя на цябе сёньня і не чакалі, — усьміхнуўся мужчына. Усьмешка гэтая была нейкая дзіўная. Ёсьць усьмешкі адкрытыя, шчырыя, калі праз іх нібыта відаць усю душу чалавека. Ёсьць усьмешкі крывыя, быццам даніна сытуацыі, калі за той усьмешкай хаваецца не прыязьнь, не гатоўнасьць прыйсьці да згоды, а нейкія падводныя камяні. Ёсьць, зрэшты, усьмешкі дзяжурныя, пратакольныя, за якімі нічога наогул не хаваецца. Мужчына ўсьміхаўся так, як бацька, бывае, усьміхаецца, упершыню пабачыўшы свайго першынца. — Спыніце аўтобус, я выйду, — запатрабаваў журналіст. — Тое немагчыма, — разьвёў рукамі мужчына. — Так бы мовіць — экспрэс. Адсюль — і туды. Без прыпынкаў. Праз шыбы аўтобусу ва ўсю біла сонца, цёплае веснавое паветра залятала ў салён праз адчыненыя вокны, і журналіст раптам адчуў усю недарэчнасьць сытуацыі. Ён ведаў: аўтобусы іншых маршрутаў тут сапраўды ня ходзяць, ён мусіць пасьпець да закрыцьця касы, атрымаць ганарар, вярнуць пазычанае і, у рэшце рэшт, адзначыць гэты сьвяты для кожнага журналіста ганарарны дзень з сябрамі ў якой знаёмай кавярні. Дык чаму тады гэты мужык загадвае яму гэтак раптоўна зьмяніць усе пляны?! — Так, стоп! — крыкнуў журналіст. — Што такое?! Куды мы едзем? — Якія ж вы ўсе, людзі, дзіўныя, — мужык пачухаў патыліцу. — Дзіўныя вы людзі, калі яшчэ жывыя. А як час надыходзіць — ніяк сьцеміць ня можаце. — Што — сьцеміць?! — зароў журналіст, як пабачыў, што аўтобус зьвярнуў у зусім адваротны, чым яму было патрэбна, бок. — А тое, што — усё, — неяк сумна ўсьміхнуўся мужчына. — Мяне, дарэчы, Харонам завуць. Але як для цябе — Хароныч. — Я выходжу. Хопіць жартаў, — сказаў журналіст. — Во табе прабіты талён, спыняй аўтобус і — бывай здаровы. Хароныч засьмяяўся. Сьмех гэты быў нейкі дзіўны: сухі, патрэсканы, але неўзабаве ён зьмяніўся ў кашаль. Аўтобус стаяў на скрыжаваньні, перад ім пераходзілі дарогу людзі, пра нешта гаманілі, маладыя нават цалаваліся, міліцыянт пасярод дарогі круціў паласатай палачкай. І ўсё гэта яшчэ больш дадавала сытуацыі неверагоднасьці, нерэальнасьці. — Так, — паспрабаваў супакоіць сябе журналіст. — Давай спачатку. Мне трэба ў Дом прэсы. Там я атрымаю ганарар, вярну пазыку сябрам, зь якімі мы потым возьмем па якой сотцы і разыдземся па хатах. Узрост такі, што ўжо не па дзеўках лётаць. Што мне замінае не зрабіць гэта? — Ды вось тое, — адказаў Хароныч і расчыніў перад тварам журналіста амбарную кнігу. — Ведаеш, я ўвогуле ня самы галоўны ў нашай канторы, — растлумачыў ён. — Я толькі выконваю тое, што мне спушчана кіраўніцтвам. А на гэты дзень сярод іншага мне дадзена каманда: журналіста Падбярэзскага даставіць па месцу прызначэньня. Калі — ня я вызначаю. Ня я і вінаваты. Я толькі выконваю тое, што мне загадалі. Вось, сам зірні. Хароныч паднёс да твару журналіста кнігу. — Вось, бачыш, гэты дзень, сьпіс людзей. Вось тваё прозьвішча сярод іншых. Значыць, ты мусіш ехаць ня ў Дом прэсы, а са мной. — Куды?! — крыкнуў журналіст. — А куды яшчэ Хароныч людзей возіць? Ці не табе ведаць, журналіст? Падбярэзскі ледзь учапіўся за парэнчу, каб ня ўпасьці. Не, сто грамаў каньяку, якія ён ужо выпіў у рэдакцыі газэты, дзе пакінуў заказаны артыкул, не маглі быць нагодай для такіх вось глюкаў. Безумоўна, узрост ужо не такі маладзецкі, каб вытвараць подзьвігі, але, здаецца, чорныя коткі праз вочы яшчэ ня сноўдаюць, папялушкі ў ложак не цягнуць, каб такое вось бачыць, як пры жыцьці. — Дык я што — памёр? — ледзь прашаптаў журналіст. — Амаль, — адказаў Хароныч. — Табе засталося ўсяго нічога. Ды й ложак табе ўжо падрыхтаваны. Ён паказаў на адну з трунаў. — Сябры твае парупіліся. Добрую замовілі. Дрэва вытрыманае, не сырое, без праблем вынесуць. Абіўка фацэтная, не малыя грошы каштуе. Падушачка вось натуральная, не паралён табе які. Цябе й пры жыцьці людзі паважалі. А таму, бачыш, усё зрабілі па поўнай праграме! — Стоп, Хароныч! — запярэчыў журналіст. — Хлопцы што, загадзя заплацілі? — Не, ты што? — адказаў мужчына. — Ты зараз знаходзішся быццам ва ўмоўным часе. Тое, што ты бачыш, — гэта нібыта праекцыя таго, што толькі неўзабаве адбудзецца. А засталося... зрэшты, ня трэба табе ведаць, колькі засталося. Яно ж можа ў любы момант... — Блін! — журналіст закруціўся па салёну аўтобусу, як вугор на патэльні. — Што гэта значыць? Стоп, маўчы, мужык! А гэта значыць тое, што мае сябры, якім я сёньня не змагу вярнуць пазыку, змушаныя будуць яшчэ й дадаць свае, каб мяне пахаваць?! Ну ты зусім збрэньдзіў, Хароныч! — Не. Ты памыляешся. Бо са мной яшчэ пагаманіць можна. Але вось я паглядзеў бы на цябе, калі б на маім месцы апынулася тая кабета, што з касой праз плячо ходзіць. Зьменьніца мая. Што б ты ёй казаў, як бы аргумэнтаваў? — Ідзі ты ў сраку, — адказаў журналіст і адвярнуўся да акна. — Ты ў мяне сёньня апошні, — растлумачыў Хароныч. — Я ведаў, што фрукт ты — той яшчэ, вось і пакінуў на дэсэрт. Прабач! Можа, калі б я раней прыехаў, менш бы эмоцый было. — Я не пра эмоцыі! — адказаў журналіст. — Я — пра ўласны гонар. Ты што, сапраўды ня мог загадзя папярэдзіць? Намякнуць нечым? Ды хоць бы якім сардэчным прыступам? Лядышкай з крышы? П'яным за рулём? Ну дык уяві сабе: што пра мяне цяпер будуць думаць сябры? Маўляў, зваліў у нябыт, а даўжок не вярнуў. Тым ня менш я катэгарычна не хачу пайсьці ў лепшы, як нехта сьцьвярджае, сьвет несумленным чалавекам. Бо гонар маю. Сьпярша мушу выканаць тое, што належыць, а ўжо потым — няхай гарыць мая адрына! — Колькі я такога наслухаўся! — уздыхнуў Хароныч і зноў разгарнуў кнігу. — Вось, глядзі. Бізнэсмэн. Прапаноўваў мне вялікія грошы. Калі зразумеў, што тое не жарт, прапанаваў адразу ўтрая больш. Заўваж — наяўнымі, каб толькі яшчэ тры дні яму даў, каб ён закрыў усе справы, з кампаньёнамі разьлічыўся. Ну адкуль я вазьму тыя тры дні? Вось судзьдзя. Працаваў не па сумленьню, а так, як зьверху казалі. Чорны чалавек! Столькіх засудзіў за п'яны грош! Ён наогул прасіў адзін толькі дзень, каб пакаяцца, для газэты напісаць усё, як было, назваць усіх, хто яго прымушаў засуджваць ні ў чым не вінаватых. Ты думаеш, мы там — нічога ня бачым, ня чуем, газэт не чытаем, у Сеціве ня корпаемся? Усё ведаем, усё мы разумеем і помнім. Таму дзе той дзень для такіх, нават гадзіна? Паехалі! А вось тут ляжыць дыктар тэлебачаньня. Ведаеш, чым ён апраўдваўся? У мяне, маўляў, выйсьця не было. Маўляў, мусіў чытаць тое, ад чаго самога ванітавала, але ж нідзе больш так не плацілі, як за такую хлусьню. За хлусьню вось і едзе цяпер заўчасна. Думаю, быў бы прыстойным чалавекам — далі б адтэрміноўку якую. — А чаму раптам я?! — не зразумеў журналіст. — Кампанію трэба разбавіць, відаць, — растлумачыў Хароныч. — Не адну ж поскудзь штодня на той сьвет сплаўляць. Там такой хапае. А плян па прыстойных, прабач, у нас таксама існуе. Тады журналіст не стрымаўся, і, паказваючы на маленькіх памераў труну, ледзь не схапіў Хароныча за грудкі: — А гэта — што?! Добра, бізнэсоўцы, вертыкальшчыкі, прадажныя дыктары... Я разумею: можа, й ня самыя і не заўсёды лепшыя людзі. Але чаму ж ты, гад, дзяцей з намі цягнеш?! Яны — у чым вінаватыя? Хароныч адрэагаваў на дзіва спакойна. — Калі выпадае дзяцей забіраць, павер, у нас таксама ня самы лепшы настрой. Аднак сёньня ў маім сьпісе дзяцей няма. — Дык што ж гэта? — не зразумеў журналіст. — Сам паглядзі, — адказаў Хароныч і гучна захлопнуў амбарную кнігу. Журналіст Падбярэзскі наблізіўся да маленькіх памераў труны і, зьбялеўшы, адкінуў вечка. Тое, што ён там убачыў, не магло ня ўразіць: укладзеныя акуратна радкамі, у труне ляжалі кніжкі Купалы, Коласа, Багдановіча, Быкава, Мележа, Някляева, Сыса, Глёбуса... — Ты, гэта... што такое? — не зразумеў журналіст. — Чаму гэта тут?! — Ды таму, — растлумачыў Хароныч, — што сёньня памерла беларуская мова. І я мушу справадзіць яе ў лепшы сьвет — сьвет мёртвых. Туды, дзе здаўна латынь жыве. — Как — умерла?! — не зразумеў журналіст. — Да вот так, элементарно, благодаря государственной политике и молчаливому согласию самих же белорусов, — растлумачыў Хароныч. — Мне, честно говоря, весьма жалко. Я сам потеряю добавку к зарплате. Нам ведь доплачивали еще и за знание языков. А коль нет языка — нет и доплаты. — Бред какой-то! — журналіст схапіўся за галаву. — Этот ваш городской транспорт — полная чума! — Прости, я не отвечаю за ваши общественные маршруты, — адказаў Хароныч. — Мне действительно очень жаль. Я люблю белорусские песни. Таких плачей над умершими, как в Беларуси, я нигде в мире не слышал. Журналіст рвануў на сабе куртку. Гузікі сыпанулі на салёну аўтобуса, як прусакі. Ён мусіў нешта зрабіць, таму што абсурднасьць сытуацыі дасягнула апагею. Гэта проста ня ўпісвалася ні ў якія рамкі. Добра, былі выпадкі, калі яны сапраўды з сябрамі перабіралі ўсё магчымае, траплялі ў міліцыю, потым раніцай разьбіраліся з жонкамі, тлумачылі нешта на рабоце. Але ў параўнаньні з тым, што здарылася сёньня, увесь сусьветны абсурд разам узяты адступаў на задні плян. Толькі таму, што ўсё гэта немагчыма было уявіць нават у самых вар'яцкіх трызьненьнях. Проста таму, што такіх трызьненьняў наогул не існавала. — Хароныч, — сказаў журналіст. — Я тебя прошу. Честь для меня — главное. Я никогда в жизни не врал. Стой! Не так! Точнее: старался не врать. Я всегда старался держать слово. И очень не хочу уйти в мир иной другим. Человеком, который не сдержал слово. Я очень тебя прошу: дай мне полсуток. — Ты, Подберезский, как и все другие, — просишь. Вы все одинаковые. — Да, прошу! Денег вот тебе — не обещаю. Нет их у меня и никогда не было. Потому что не воровал. И не предавал. И все, что мне остается, — это сдержать слово, вернуть долги. А вот уж после — что хочешь! Забирай меня в любой момент. Но, поверь, я не могу уйти, не выполнив данного слова. Хароныч задумаўся. Ён пагартаў сваю кнігу, нешта прамармытаў пад нос, пазначыў асадкай, потым спусьціў акуляры на кончык носа і ўважліва паглядзеў на журналіста. — Так... Как говорят, есть варианты. Завтра я должен забирать из Дома прессы твоего коллегу. Русского. Очень мне он, признаться, не нравился. Приехал из России, работал на киностудии, снимал фильмы о белорусской культуре, а когда оказался не у дел, пошел в газету и начал гадить на белорусов. Заберу-ка я его сегодня, вне плана. А ты... Считай, получил отсрочку. Только вот распишись здесь. Мол, ознакомлен, предупрежден. Со всем согласен. И до встречи завтра. Учти: в виде исключения. Только на сей раз — без душещипательных бесед. Я приехал и забрал, без предупреждения. На тым яны і вырашылі. Аўтобус павярнуў і праз нейкія дваццаць хвілінаў падруліў да будынку. Журналіст Падбярэзскі вываліўся з аўтобусу, уздыхнуў на поўныя грудзі і скіраваўся на ватных нагах да Дому прэсы, ля ўваходу ў які стаяла карэта хуткай дапамогі. Ён яшчэ пачуў: "Женечка только включил чайник, как — бабах!" Але каса на шчасьце яшчэ працавала. Журналіст атрымаў ганарар, падняўся на паверхі, раздаў пазыкі, пасьля чаго разам з сябрамі пайшоў у бліжэйшую кавярню, дзе праз не адну чарку звыклага напою хутка забыўся на ўсё тое, што здарылася зь ім у апошнія гадзіны. Прафэсія журналіста не вымагала Падбярэзскага адзначыцца на прахадной дакладна а восьмай раніцы. Ён прачнуўся на пачатку адзінаццатай і заўважыў, што пакінутых на фартэпіяна грошай — рэшткі ганарару — не было. Значыць, жонка пайшла ўжо на працу. "Хорошо вчера посидели", — адзначыў сам сабе журналіст і раптам адчуў: нешта ня тое. Неяк няўтульна яму зрабілася. Быццам нехта ў роце язык яму памяняў. І думаў ён ня так, як штодня. "Это же, блин, привидилась вчера какая-то херня невообразимая!", — падумаў журналіст. Тады ён, спрабуючы ўжо ні пра што ня згадваць, пайшоў чысьціць зубы. Згатаваў каву, прагледзеў тэленавіны, апрануў сьвежую кашулю, прычасаўся. Можна было кіравацца на працу. Каб сесьці ў тралейбус, журналіст Падбярэзскі мусіў перайсьці шырокую вуліцу. Крочыць да сьветлафору было далёка, дый мала хто тут, насупраць прыпынку, зважаў на тыя правілы. І як толькі журналіст адзначыў пэўны разрыў у руху аўтамашын, ён стрымгалоў кінуўся праз вуліцу, каб пасьпець на патрэбны маршрут. А ў гэты час якраз набірала хуткасьць цяжкавагавая фура міжнароднай фірмы перавозак "Стыкс"... 1.04.2005
|
|
|